Францыя пашырае супрацоўніцтва з еўрапейскімі саюзнікамі ў сферы ядзернага стрымлівання на фоне расійскай пагрозы. План прадугледжвае магчымасць часовага размяшчэння французскіх знішчальнікаў Rafale, здольных несці ядзерную зброю, на тэрыторыі іншых краін Еўропы. Пра гэта паведамляе Forsal.pl, спасылаючыся на The Wall Street Journal.
У ініцыятыве ўдзельнічаюць 10 дзяржаў, у тым ліку Польшча, Германія, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і скандынаўскія краіны. Акрамя магчымасці размяшчэння авіяцыі, супрацоўніцтва ахоплівае падрыхтоўку інфраструктуры, развіццё сістэм ранняга папярэджання, сувязі і абмен выведвальнай інфармацыяй.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў новую мадэль «Пашыраным стрымліваннем». Паводле выдання The Wall Street Journal, яго мэта — ускладніць для Масквы разлік магчымых наступстваў канфлікту з НАТА і павялічыць нявызначанасць адносна адказу альянсу ў выпадку эскалацыі.
Францыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая валодае ядзернай зброяй. Яе арсенал налічвае каля 290 боегаловак, і Парыж плануе яго павялічыць. Адначасова ўлады Францыі адмаўляюцца ад ранейшай практыкі публічна паведамляць колькасць ядзерных запасаў.
Пры гэтым эфектыўнасць новай мадэлі застаецца адкрытым пытаннем. Экспертка Sciences Po Ніколь Граеўскі звяртае ўвагу на сумнеў, ці паверыць Масква, што Францыя рызыкне атрымаць удар у адказ, абараняючы саюзнікаў, у тым ліку Польшчу.
Францыя і Германія ўжо правялі сумесныя вучэнні з удзелам шматфункцыйных знішчальнікаў Rafale і нямецкіх Eurofighter. Ініцыятыва павінна дапоўніць амерыканскія гарантыі бяспекі, а не проста паўтарыць існуючую мадэль ядзернага стрымлівання НАТА.
эж